КЛЕ́ЕНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
канструкцыі, элементы якіх нераздымна злучаны з дапамогай кляёў. Адрозніваюць К.к. будаўнічыя (нясучыя — аркі, бэлькі, калоны, фермы, рамы і агараджальныя — звычайна слаістыя пліты, панэлі, карабы і інш.), суднавыя (напр., карпусы катэраў, шлюпак), авіяцыйныя (карпусы некаторых лятальных апаратаў), мэблевыя і інш.
Робяцца з драўніны, металу, пластмас, бетону, шкла і інш. матэрыялаў у розных спалучэннях. Найб. пашыраны клееныя драўляныя канструкцыі. Вызначаюцца павышанай нясучай здольнасцю, трываласцю, даўгавечнасцю, высокай эфектыўнасцю выкарыстання матэрыялаў (маламерных, рознагатунковых, фанеры). Разнавіднасць К.к. — абалонкі з сінт. тканін на клеявых злучэннях, што выкарыстоўваюцца як пакрыцці часовых збудаванняў.
І.І.Леановіч.
т. 8, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)